КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,
авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.Шофера, Ж.Тэнглі (Францыя), Б.Райлі, Л.Пунса (Англія—ЗША) і інш.
т. 8, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)